РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мніх
Усё жыцьцё ён маляваў сьвятых.
Сьпярша – падмайстрам – тоўк у ступе фарбы.
Цярплівай працай юных дзён сваіх
Вучыўся адганяць грахоў завабы.
Пасьля няўмелым пэндзьлем – дзень за днём –
Фон рыхтаваў да фрэсак...
Потым доўга
За майстрам дамалёўваў... І агнём,
Цяжкім агнём
                              гарэлі вочы Бога.
А па начах у вузкае вакно
Маленькай кельлі заглядалі зоры,
І пахла ноч дажджамі і віном,
І хвалявалася трава, як мора.
І Бог глядзеў зь нябёсаў, як сьвятло,
Само сьвятло – што абразы прад гэтым.
І разуменьне ў гэты час было
Між небам – і любым зямным паэтам.
А раніцой званіў няўмольны звон,
І зноў чакала праца і малітвы...
І мніх старэў...
Славутым стаўся ён...
І абразы яго стваралі дзівы.
У кожным зь іх была схавана ноч,
Зямная ноч за сьценамі кляштара,
І мора траў,
                          і зарапад,
                                              і дождж,
І ўсё жыцьцё,
                              што пражылося ў марах.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.