Шаргацяць па дарозе чыесьці самотныя крокі, Праплываюць між зорамі чоўны заманлівых сноў. Высыхае надзея, нібыта сьлязінка на воку. І ніхто не пастукае і не напіша лістоў. Гэта ноч, гэта дождж, гэта восень – сярэдзіна лёсу. Але ўся Беларусь сон-травою нібы парасла. І на Млечным Шляху грукацяць нетаропка калёсы – Ад’язджаюць Мятлушкі, якім не хапае цяпла. Адлятаюць у вырай, далей ад халоднай Айчыны, І аблокі, і птушкі, і кнігі, і нават сябры. Ну а мы застаёмся ўслухоўвацца ў крокі начныя. Ну а мы застаёмся – і будзе вясна на двары.
|
|