Апошняе шчасьце, якое ня дадзена нам, – Спакой, што даецца нам верай у сэнс існаваньня. Трывожныя сёньня – трывожыцца будзем і там, Дзе справы зямныя завершыць ніхто ўжо ня ўстане. У шыбах кавалачкі неба – наш бедны Сусьвет. Мой рыцар свой шлем не маёй упрыгожыць пальчаткай. Ніколі ня бачаны, ціха сьпявае сусед, І гучна пляткараць Пандоры цікаўнай нашчадкі. Трывожна... Трывожна... Дзе праўда біблейскіх лілей, Затона, што іх, бесклапотных і сьветлых, люляе? Мне цьмянае «заўтра» за горкае «сёньня» бліжэй, І роздум, як мёд верасковы, мяне наталяе. Падманлівасьць ісьцін, няпэўнасьць агнёў гарадскіх. Халодная праца дажджоў размывае ўсе межы. Апошняе шчасьце трывог і маленьняў маіх, Зямное, жаночае шчасьце мне ўсё-ткі належыць.
|
|