РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вужыная каралева
Я вужынай каралеваю стала.
І карона ў валасах маіх зьзяе.
І абсыпаў зорны попел сукенку,
І хлапцы адводзяць сумныя вочы.
Што за лёс мяне спаткаў незвычайны!
У бурштынавым жыць буду палацы,
Дзе русалкі падмятаюць падлогу,
А на ложку расьцьвітаюць лілеі.
Што ж вы шэпчаце ў сьпіну мне: «Вар’ятка»,
Людцы дробныя, палоньнікі працы?
Вам ня мець такой хады ганарыстай,
Вашым жонкам не насіць гэткіх стужак.
Вось і ты, нябога, даўні каханак,
Занурыўся, за вярсту абыходзіш.
Я забылася, як бегла да рэчкі,
Я забылася, што зраніла сэрца.
Так высока над табой я паўстала!
І карона вужынай каралевы
Асьляпіла і цябе, і астатніх,
Бо чаму я чую нашапы вашы:
«Папсаваў вадзянік бедную дзеўку,
Там, на дне, яна пакінула сэрца
І за сэрцам мусіць хутка вярнуцца».
Што ж, шапчыце, вы ня бачыце войска
Вояў гнуткіх у лусцы і бурштыне.
Вы ня чуеце, як рог напявае,
Срэбны рог Вялікай Маці жывога:
«Каралева! За табою паслалі.
Каралева! Апранайся у белю!»
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.