Нібыта жыцьцё сыходзіць – кугічуць начныя птушкі. Ніхто не адкрыў таямніцы – як жыць шчасьліва і ціха. То ходзіш па тонкім лёдзе, то сыплеш вугольле ў рукі. То зноў здымаеш з паліцы сваю апошнюю кнігу. Ну што давядзеш сусьвету, пакрэсьліўшы гэты аркуш, Пад кожны радок кідаючы сэрца – нібы пад нож. Начныя птушкі-паэты ня пішуць для белых клавішаў. Іх песьні – як ноч над Нараччу, як студні мсьціслаўскай дно. Вядома, і днём хапае і шчэбетаў, і руладаў. Ды часта бывае – людзі ня чуюць птушак сваіх. І ноч нашы песьні хавае, захоўвае іх крылатымі. І толькі той, хто абуджаны, можа паслухаць іх.
|
|