РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Адысея
Мяне шпурляюць хвалі, хвалі, хвалі,
У думках сьвету заблукала я.
Чужыя хваляць.
Ну а сэрца паліць
Мая Ітака – Беларусь мая.
Мяне шпурляюць пад чужыя зоры.
Мяне не навучылі іх чытаць.
І адбірае душы мора, мора.
Вось і маю жадае адабраць.
На сініх кроснах выткана натхненьне.
На сініх кроснах тчэцца прыгажосьць.
Я ведаю – вярнуцца – не збавеньне.
Забыты гаспадар – нязваны госьць.
І аб каменьні родныя разьбіцца
Ня дадзена.
Шуміць вада ў вушах:
Нічога я ня памятаю!
Быццам
Кішэнь абрабаваная – душа.
А колькі нас, гаротных Адысеяў,
Ня помніць шлях да родных астравоў,
Хто на чужыне ў глебу зерне сеяў,
Хто на чужыне ў неба рос травой,
Хто ноччу сьніў пакутлівыя сьпевы,
А днём у кніжках лжывых іх шукаў.
О, колькі нас, гаротных Адысеяў,
І колькі ў небе безыменных траў!
Мая Ітака! Хвалі, мовы, словы
І гнеў багоў...
Дакладней – гнеў магіл.
І коцяцца ня зоры, а галовы
Над шляхам паратунку і тугі.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.