РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Золак
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Жніўным вечарам
Жніўным вечарам задумным
Ты ішла сярод жанок,
З карагодам несла шумным
Залатых жытоў вянок.
 
У вяночку тым зьвілося
Жыта буйнае калосьсе;
Між калосься – васілёчкі –
Неба роднага скрылёчкі.
 
Ты ішла, а я – насустрач...
Усьміхнуўся грамадзе,
І адчуў, што нехта шустра
На чало мне штось кладзе.
 
Глянуў я: аж то – вяночак
Зьзяе ласкай сініх вочак;
А ў вяночку – васілёчкі –
Неба роднага скрылёчкі.
 
Прыпыніўшыся на грудзе,
Я ўдыхаў жытоў цяплынь,
І лілася ў мае грудзі
Песьняў радасная плынь.
 
Гэтых жніўных песьняў хвалі
Маё сэрца хвалявалі,
Бо ў тых песьнях – васілёчкі –
Неба роднага скрылёчкі.
 
На ўспамін аб днёх шчасьлівых,
Нібы ў гожыя вянкі,
Я у песень пералівы
Уплятаю васількі.
 
“Бо няма таго цьвяточка,
што мілей над васілёчка.”
Цешаць сэрца васілёчкі –
Неба роднага скрылёчкі.
 
6.VI.1942 г.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.