РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У адсутнасьці каханьня
Вечарніца, воўчая зорка,
Пра каханьне не нагадае.
П’е туман апусьцелы горад,
Адзінокая сьпіць Даная.
Вечарніца халодна зьзяе,
Працінае паганскай дзідай.
Цені танчаць у бальнай залі,
Рвуцца лёсаў самотных ніты.
Не, ня тут, між каменных стодаў,
Можна квет захаваць купальскі.
Тут у ложы каменным воды,
Твой вянок не сплывае ў казку.
Тут усё адбяруць – да кроплі,
Да жарынкі жывой, да верша...
Не валун пасівелы ў полі –
А камень у падмурку вежы –
Абчасаны, умураваны –
Лёс – між лёсаў, слаўцо з гаворкі...
Ты забіла мяне зарана,
Вечарніца, Воўчая зорка.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.