РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Амяла
Дзядоўнік чарнее на сьнежным сувоі,
І месяц блакітнае сяйва струменіць.
І крочаць маўкліва жанчыны і воі,
І крочаць маўкліва старыя і дзеці.
А той, што наперадзе, серп уздымае,
А ён – залаты і бязьлітасна востры.
А той, што наперадзе, – дрэва шукае,
На ім амялы распускаюцца зоры.
Чый род разжывецца чароўнаю кветкай –
Ня здужае вораг, ні морак, ні сьцюжа.
І той, што наперадзе, дрэва прыкмеціў,
Ён ведае словы і чары парушыць.
А сьнег пад нагамі рыпіць непрыязна,
І месяц халодны, як мёртвае вока.
Напэўна, агмені апошнія гаснуць
У хатах, пакінутых недзе далёка.
А холад кранае за целы, за сэрцы,
І плачам бязгучным зайшлося малое...
Сагрэцца, спыніцца... Спыніцца, сагрэцца...
А лес набліжаецца вельмі паволі.
А той, што наперадзе, серп прыўзьнімае,
І зьзяе ляза маладзік сьмертаносны.
І кветку чароўную племя прыдбае,
Ахвярай ля дрэва абраўшы кагосьці.
Затое жывым – амяла дастанецца.
І людзі маўкліва пад месяцам крочаць.
І той, хто наперадзе, ціха сьмяецца,
І зьзяюць яго невідушчыя вочы.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.