РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Стогадовая вайна
Зноў выпаў сьнег. Забілі сьвятара.
Красуня не заторгвае фіранкі –
Жаўнеры едуць.
                                    Золатам гараць
Іх эпалеты гэтым ясным ранкам.
Нічога не зьмянілася.
                                              Чужы
Прыйшоў і пойдзе. Вадзіцца дарэмна.
Касьцёлы, як іржавыя нажы,
Прымерваюцца да нябёсных венаў –
І вось ужо пайшоў крывавы сьнег,
Але растаў...
У белым – болей сьмерці.
Заторгнутых фіранак ціхі грэх
Ніколі не адкрые бедны Вертэр.
Назаўтра на далёкую вайну
Зноў чужакі паедуць празь мястэчка.
Рукамі абдымаючы сьцяну,
У сьнег спаўзе чарговы чалавечак.
Сам вінаваты – думай пра сям’ю...
А тут жыцьцё ня скончыцца ніколі.
І людзі песьні новыя сьпяюць
Пра горад свой,
                                  які ня хоча волі.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.