РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Золак
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Ты прыйдзі, як засьвецяцца зоры
Дыямэнтамі ў высі нябёс.
Сядзем побач з табой, пагаворым
Пра жыцьцё, пра каханьне і лёс.
 
Будзем слухаць пад вэлюмам ночы
Таямнічых істот галасы,
Буду ласкава зорыць у вочы,
Буду песьціць твае валасы.
 
Абніму я цябе і пяшчотна
Пацалункамі ўкрыю чало.
Я забуду аб долі самотнай,
Як адчую каханьня цяпло.
 
Месяц к нам у вакенца загляне,
Усхвалюе пачуцьці, й бяз сну
Я сустрэну ружовае раньне
І яшчэ раз услаўлю вясну.
 
Ты прыйдзі, майго сэрца жаданьне,
Безь цябе болей жыць не магу.
Ты прыйдзі! Я ўсю сілу каханьня
Для цябе аднае берагу.
 
Ты прыйдзі! Няхай сэрца ня плача.
Я сваею цябе назаву.
Ты прыйдзі! Няхай людзі убачаць,
Што шчасьлівы і я наяву.
 
19.XI.1943 г.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.