РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У клясе
Нудна, нудна у клясе сягоньня,
Неяк цёмна і ціха зусім.
Імжыць дождж, а ў вакно аднатонна
Ясакор лісьцем б’ецца сухім.
 
Дахі мокрыя зьзяюць, як з сталі,
Нейкім бліскам халодным, цяжкім.
Імжыць дождж, а ў вакно перасталі
Біць лісьцём ясакоры сухім.
 
Каля дошкі высокай і чорнай
Стаіць Люба і піша, маўчыць.
Ціха ўсё, а ў вакно аднатонна
Зноў лісьцё ясакора гучыць.
 
Неяк дзіўна, так ціха сягоньня,
Ані сьмеху ня чутна, ні слоў.
Ўсе маўчаць, а ў вакно аднатонна
Ясакор перастаў біцца зноў.
 
Доўга, доўга я ў кнігу глядзела,
Слоў ня бачыла толькі, чаму?
Мо’ затое, што ў вокны нясьмела
Ясакор шаптаў казку сваю?
 
Як далёка мне ўсё, што балесьне
Адчувала я ночкай і днём!
Мо’ затое, што лепшыя песьні
Ясакор мне пяе за вакном?
 
Ён пяе не аб тым, што мінула,
Старадаўным, далёкім, сівым.
Не, аб будучай долі, я чую –
Ён лісьцём сваім шэпча сухім.
 
I нясьмелыя, смутныя словы
Непакояць, трывожаць душу.
Ціха ў клясе, бо ціхую мову
Абарвалі таполі сваю.
 
I ўзноў нудна так, нудна, халодна,
Неяк цемна і ціха зусім.
Імжыць дождж, а ў вакно аднатонна
Ясакор лісьцем б’ецца сухім.
 
1921
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.