Зьбілі на ўзьлёце... Падала, хісткім крылом Неба чапляла... Здабыча ўжо... Птушка былая... Па Вертыкалі павёў мой таварыш ствалом: – Міма, бадай, цябе... Міма, халера!.. – Бывае. – Ты малайчына. Дзе насабачыўся, чорт?.. Цэзар, апорт!.. А яна яшчэ доўта ляцела, Покуль ударыла ў цёмны асеньні чарот Водгукам стрэлу... Дзеля таварыша злосьць можна выдаць за жарт, Хоць і таварыш былы – Птушка былая. – Ды зразумей ты; Гэта спрадвечны азарт... Не разумею азарт, які дабівае! Памяць мая! Ты пухлінамі часу баліш, Продкаў злачынствы катуюць пячорны мой розум... Што ў ім спрадвечнае? Што яму дадзена звыш?.. Рана – пытаньні, адказы знаходзяцца позна. Ах, як над возерам Птушка свабодна пяе! Песьня зьнямее – I ўночы разбудзіць, як выбух! Ісьціна – вечнае. Звыш – толькі выбар яе. Выбраўшы вечнае, ісьціну можна ня выбраць. Гэтая птушка... Іншая быць не магла... Хто растлумачыць мне сувязь між ёю і мною? Толькі пытаньні між намі, толькі імгла, Толькі пячорная памяць крыла за сьпіною. ...Мы На зямлі Мейсца Найлепшае Выбралі. Шклянкі напоўнілі: – Ну, будзь здароў... – Будзь здароў... I пад нябёсамі, дзе спадарожнікі зыркалі, Возера гойдала Водбліскі нашых кастроў.
|
|