РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьмяротная страта
1 сакавіка 1884 г.
400
Ігнату Грынявіцкаму, які сваім выбухам
адпомсьціў Аляксандру ІІ за 1863 год


 
Карэта цара выязджае.
(Гэткі на колах гадзючнік!)
У канале Кацьчыным воды
Да блізкага мора бягуць.
Вось бомба. Хай з падлы сьмярдзючай,
Хай зь яго, ката народаў,
Ката маёй Беларусі
Зараз шматкі палятуць.
Выбух. Той здох. Але
І яго сьмерч асколкаў нізрынуў,
Вось нясуць... Вось колюць... Пытаньні...
Гэта каб іншых гнаць.
Не, ён ім ня скажа, хто ён,
«Ігнась Грынявіцкі» – ня кіне,
Гонару многа ім, гноям,
Па імю, па бацьку, па прозьвішчу,
Гонару многа ім, шлюхам,
Сыноў Беларусі знаць.
З апошніх згасаючых сілаў
(Пытаньні... Пытаньні... Пытаньні...)
Ён лепш успомніць пра тое,
За што ён ішоў на замах.
Успомніць Бабруйшчыну мілую,
Майскую стужку Бярозы,
Дняпро на райскім сьвітаньні,
Белыя сьвіткі ў лугах.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
І ў яго галаву адрэзалі,
І ў сасуд са сьпіртам паклалі.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Спрэс трэсьлі усіх на допытах:
«Хто гэта?! Хто гэта?! Хто гэта?!»
Але галава маўчала...
І людзі, вядома ж, маўчалі...
Адзін толькі выдаў, паскуднік,
І з тым перайшоў у нішто.
І сяброў ягоных павесілі.
Быў ранак сонечна-чысты.
А ноччу, як разьвітаньне,
Калі іх везьлі хаваць –
У сінім небе начным,
Сінім, як сьпірт празрысты,
Ўсплыла чырвонага месяца
Адсечаная галава.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.