Позьняю ноччу зь бясьсілымі зорамі стылымі, Калі ў глыбокіх дварах паміраюць вятры, – Сеў на вакно чалавек з кажановымі крыламі, Месяц і зоры гусьцеючым ценем закрыў. Складваў і знову выпростваў ён крылы маўклівыя, Зь іх вандраваньняў міжзорных счышчаючы пыл. Крылы як веер былі, як паніклыя косы алівы, І як пагаслых ад стомы камет пацьмянелых снапы. – Хто ты? – спытаў у яго. – А нашто табе ведаць аб гэтым? – Што ты? – Я кветка і зорка. Пагоня і бег. – Зараз адкуль? – Я... забыўся на тыя планеты. Дзе абпякаў мае крылы агонь, дзе завейваў іх сьнег. – Што ты пабачыў? – Тупых катаклізмаў раскаты, Зло і пяшчоту, пажар і спакойны заліў. – Ўсё гэта можна пабачыць на гэтай праклятай, На блаславёнай, на сонечна-змрочнай зямлі. – Што ты запомніў найбольш? – Ледзяныя абшары свабоды, Дзе сумнявацца даводзіцца ў сэнсе самога быцьця, І каля Альфы Цэнтаўры грыбы вадародныя, А ў Магеланавай Хмары няпэўныя іскры жыцьця. Ёсьць там планета, што Антызямлёй называюць, Чорная прорва за ёю. І там, у здрадлівай імгле, На двайніка твайго вораг з кінжалам чакае, І з антыкуляй, што дрэмле у антыствале. – Дэман мой, што ж не сабраў ты апошнія сілы, Каб двайніку сьніліся вершы, каханьне, спакой? – Але ж цябе на зямлі гэтай, дружа, таксама забілі Слабай жаночай рукою, каханай рукой. – Дух дасканалы занадта, ўсю горыч ты зьведаў. Што ж уратуе жыцьцё? Ратуй мяне, дружа, або Вырві зь мяне ледзяную самоту ўсяведаньня, Дай мне няведаньне простых і простых любоў. Ўсё асьляпленьне каханьня, эльбрусы яго і галгофы, Люд, што гібее ў агні, сэрца, што гіне ў агні, – На іх, вазьмі іх сабе разам з гэтымі строфамі, Што разумеюць усё і нічога ня могуць зьмяніць. У чалавека ўначы ўсьміхнуліся змрочныя вочы: – Просіш аб чым? Пагасіць твой апошні маяк? Хлусіш нашто? Ты ж ня хочаш збавеньня, ня хочаш. Лепшаю песьняй тваёй стала пакута твая. Мужна ў цемру глядзі і трызьні аб вечнай радзіме, Трызьні аб шары зямным і пакутвай далей і далей, Пакуль ня згасла зямля, пакуль чыстае неба ад дыму. І пакуль гібель твая дрэмле ў нейчым ствале.
|
|