РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Славамір Адамовіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Хларафілавы бунт
Гэтым днём сьмецяры не пазналі
растапыраных вуліц кландайк:
скрозь асфальт палыны прарасталі,
дзьмухаўцы заклікалі на страйк,
 
штурмавала макрыца будынкі,
засланялі каштаны прастор,
буйных траў аксамітныя фінкі
праглі ўткнуцца ў чэрава зор,
 
пыл рамонкавы слаўся франтальна,
сьмецяры адступалі ў двары,
узрывала чаромха татальна
гарызонты барвовай зары.
 
Сонца! Сонца зь нябёсаў сьвяціла,
жыцьцядайныя промні шлючы,
каб зялёная дзёрзкая сіла
залівала худыя хвашчы.
 
На шыньёны квітнеючых ліпаў
прызямляліся пчолы сям’ёй,
а з карэктнага воблака сыпаў
ціхі дождж на квяцісты налой.
 
Паўставалі пялесткаў цунамі,
віравалі на кветках чмялі,
і ва ўлоньнях бутонаў сьлязамі
Н20 праступала з ральлі.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.