РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Славамір Адамовіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Шорахі
Ледзь толькі пагасьне сьвятло ў пакоі,
ледзь толькі пасьпее агмень азалець –
зьяўляюцца шорахі шыхтам, як воі,
і ўраз па кутох пачынаюць шумець.
 
Нахабна ў шуфляды залазяць. Да раньня
на почапках віснуць уніз галавой.
Здаецца, нібыта я чую дыханьне
іх душаў нікчэмных у цемры начной.
 
Мне золка, як зьверу ў лядашчай бярлозе,
мне шорахі-шпегі жыцьця не даюць.
Сваім шаргаценьнем па шорсткай падлозе
яны мае тайны на сьвет дастаюць.
 
Іх цэры а-за жоўтых шпалераў сьмяюцца,
ў старой шыткаўніцы яны грамадой
міжсобку шальмуюць мяне і злуюцца,
што ўпарта хачу я знайсьці супакой.
 
На кніжных паліцах, дзе столькі паснула
раманных паяцаў, багоў, прыгажунь, –
там шорахі шорхнуць з часоў Вэльзэвула,
там месяц глядзіць на іх зь неба, як лунь.
 
I я ў гэтай кодле ня йму паратунку,
бо толькі пад раньне сьціхае мой боль,
калі, пакідаючы брудныя шлункі,
зьнікаюць начніцы скрозь белую столь.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.