РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Славамір Адамовіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Экспрэсія, альбо Аднойчы, прыслухаўшыся да свайго голасу
Шукай мяне, рэха,
ня там, дзе лацьвей,
дзе мне не да сьмеху,
дзе ў полі разьвей.
 
I там, дзе прыстойна,
дарма не шукай,
і там, дзе застойна,
і там, дзе шугай.
 
Шукай мяне ўпарта
ня там, дзе няма,
дзе пільная варта
і замак-турма,
 
дзе ў лесе памерлым
ні гуку, хоць плач,
дзе выцьвілі пэрлы
і жоўты касач...
 
О, рэха! Аднойчы
спаткаемся мы
далей ад калючых
дратоў і турмы,
 
далей ад памерлых
лясоў і балот,
ад выцьвілых пэрлаў
і крыкаў «народ!»,
 
далей ад вар’ятаў,
сьляпых і глухіх,
ад здрады і кратаў,
і словаў благіх.
 
Аднойчы ў блакіце
раскутых нябёс,
аднойчы ды ў жыце,
у холадзе рос,
 
у тле папялішчаў,
у цьвілі кладоў,
у цемры гарышчаў
бяэьлюдных дамоў...
 
О рэха! Аднойчы
спаткаемся мы.
Вось будзе пацеха,
вось будуць грамы!..
 
24.III.1992.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.