 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Зноў чарговая восень, дажджы, грукаценьне трамвая, кантралёры з жэтонамі ловяць «зайцоў» за каўнер, хтосьці ў бруднай кавярні прыткнуўся за столікам з краю, не пазбаўлены, зрэшты, прыстойнасьці сьвецкіх манер. Традыцыйна каштаны губляюць грубую лістоту, правінцыйны вятрыска туляецца ў вулках старых, і нязбыўную носяць прахожыя ў душах самоту, а ў дварышчах барыгі капейкі трасуць на траіх. Чыста голены муж уцякае ад жонкі ў кантору, дзе чакае яго сакратарка, пяро і фатэль, дзе ад сьвету схаваецца ён за казённую штору і ў кябыт адплыве, нібы прывідных мар карабель. Зноў чарговая восень; бач, хтосьці на добрым падпітку затрымаўся ля тумбы афішнай, шукае расклад цягнікоў; хтосьці выгляд зрабіў, што яму аніколькі ня брыдка; хтосьці сплюнуў пад ногі; прайшла грамада дзецюкоў. А на горад вось-вось зноў няпэўнасьць дажджамі пральецца, і жывое наўкол халадэча пратне да касьцей. У завулку Рабкораўскім ціхі вар’ят засьмяецца, бо адзіны ён знацьме сцэнарый далейшых падзей.
1988
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|