РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Славамір Адамовіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На дзень стварэньня арганізацыі «Правы Рэванш»
Маэстра Картасар, як добра, што зайшліся.
Я вам якраз пішу, чытаў «El Examen».
А ўчора дрэнна спаў, і ўпартае «ніх шысэн»
вярзлося мне ўсю ноч, а потым – «русский плен».
 
Ах, д’ябал! Не магу прапанаваць вам кавы.
Ёсьць, праўда, па сто грам. Тутэйшы алкаголь.
Як? Вам не прывыкаць? А нашыя аблавы?
Дарэчы, хто вам даў для сувязі пароль?
 
Палкоўнік Габрыэль? Ён сьніўся мне таксама.
Ён безумоўна наш. Ён нават больш, чым мы.
Ёсьць спадзяваньні, што нам дапаможа Замак
нарэшце дапісаць пачатыя тамы.
 
Маэстра Картасар, а што, калі няўдача?
Вы ведаеце, я... Так хочацца пажыць!
Мне часта сьніцца сон: жанчына горка плача,
а зь белага пляча крыніца-кроў бяжыць.
 
Што могуць азначапь такія мроі? Здраду?
Блакаду нашых сіл на ўсходніх рубяжах?
А можа, трэба мне ў варожы тыл з атрадам
прайсьці, каб уступіць у бойку на нажах?
 
Прызнаюся, што мне зусім не даспадобы
сучасны мэханізм вайны і перамог.
Мне цяжка назіраць, як гінуць без хваробы,
як слабая рука скубе зялёны мох...
 
Аднак, адкінем прэч эстэтыку забойства.
Маэстра Картасар, нам заўтра выступаць.
Пастаўлены задачы: Шэры Дом, Пасольства
бяз шуму і ахвяр за сем хвілін узяць.
 
У гэты ж самы час каманда «А», Маэстра,
павінна прачасаць наш «дзёрзкі» Тэлецэнтр,
Хай адпачне эфір да летняе фіесты.
Хай пагуляе ў ім вятрыска перамен.
 
Нішто ня спыніць нас! Жаўнеры ўжо гатовы.
каб вуліцы заліць шыхтамі чорных рот.
Дык з Богам, Камандант! Ня трэба многа словаў.
Няхай гучыць іх два: ідзе ПЕ-РА-ВА-РОТ!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.