 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Канчаецца лета. Яблычны спас. Пра Афрыку мараць птушкі. Ах, як жа на волі прыгожа ў вас! Ах, як жа за кратамі скрушна. У вас там кажуць пра новы стыль («Прадай Радзіму» назвалі). А мы тут гніём, як падвальная цьвіль, як брудная пена хвалі. У вас там нардэпы ідуць у бой з «усенароднаабраным», а мы тут штодня становімся ў строй, штодня залізваем раны. Мы тут прырастаем грудзьмі да нар, мы тут заціхаем дачасу, а ноччу смакуем чыфірны ўзвар усёй арыштанцкай расай. На волі ў гародчыках астры і кмен, нясьпелы агонь каліны, а ў нас на прадоле нахабны мент пагардліва цыркае сьлінай. Яму дазволена, ён «круты», цяпер ён сіла і права, а нам застаецца – грудзьмі на драты, худым абліччам у гравій. А нам застаецца нічога і ўсё – турэмная вош і Радзіма, і наша нянавісьць, зь якой мы расьцём насустрач рэжыму.
7.IX.1996. Віцебскі цэнтрал, камэра 60.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|