РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Славамір Адамовіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Ізноў кастрычнік. Час пасадкі дрэваў.
На саджанцах раса дрыжыць,
а ты,
ты ўспамінаеш падарожжа ў Крэва,
значэньня стратэгічнага масты,
любімы шлягер, інтэрнат, свабоду,
турму, сабак, іржавыя драты,
супраціўленьне мужных, слабых згоду,
неадэкватнасьць зла і дабраты;
ты ўспамінаеш, як заходзіць сонца,
як на цэнтрал навальваецца змрок,
як з вымені каровінага ў донца
струменем б’е антысухотны сок.
Ах, памаць, памяць! Файная ўласьцівасьць,
яна табе ня дасьць асатанець,
яна сілкуе годнасьць і гідлівасьць
да усяго, што западло цярпець.
Ты ўспамінаеш, як цьвітуць вяргіні,
як лес шуміць, як асядае пыл
на жыта прыдарожнае, як гіне
блакітны чмель у белай конскай грыве,
як баба ў лазьні свой шаруе тыл;
ты ўспамінаеш, як шманалі «хату»,
як ты ня стаў з рукамі на сьцяну,
як дапамог твайму блатному «брату»
жывот ускрыць, прачнуўшыся ад сну.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.