Марыя, дай, цела Ўладзімера ня можа цярпець бясконца. Расея пад Ленінам прыціхла, як вымерла, асьлепшы ад бальшавіцкага сонца. У грамадзянаў у штанах аблокі, у кішэнях тырчаць чырвоныя кніжачкі, расстралялі Міколку-цара і лёкаяў, а страх яшчэ большы смокча пад лыжачкай. Параплавы Саветаў заходзяць у гавані краін Антанты зь візітам ветлівым, у фаворы НЭП, як чаромха ў травені, але цела сумуе ў касьцюме вэльвэтавым. Беларус Аляхновіч па памяці крэмзае, як жыў ён у кіпцюрох ГПУ, ірванымі ранамі і парэзамі цела расьпісана, як гросбух. Цела Ўладзімера ад Каўказу да Мурмана выпрасталася над трупамі галодных Паволжа. У Менску чэкісты чысьцяць і ў Мураме, каб забясьпечыць Маскву збожжам. Вось цела Маякоўскага, паэта партыі, і целы беспартыйныя на лягерных нарах. Рвдкі лесьвіцай чаго вартыя, калі прыступкі вядуць у бестыярый? Цела хоча пяшчоты, Марыя, вялікае цела хоча асабліва, пасьля мяне зьнішчаць беларуса Мрыя, мільёны пройдуць праз чырвонае мліва. Ясеніну пісаў я, што памерці проста, а жыць застацца з кляпам у зубах паэту немагчыма, і таму так востра карціць адправіцца ў невядомы шлях. «Прыйду», – сказала ты, і я паверыў. Чакаў гадзіну, і дзьве, і тры, я нават расчыніў камунальныя дзьверы, як дантыст пацыентам расчыняе ірты. У газьніцы згаралі і кнот, і вадкасьць, у лямпе Ўльянава расплавіўся вальфрам. Суседка за сьцяною пляскала ў ладкі, і доўга рагатаў дворнік Варлам. Што ж, Марыя, цела змаглося, цела больш ня можа цярпець зьдзек. У гэтым балючым людзкім шматгалосьсі выпала ЯМУ напароцца на стэк.
|
|