РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Славамір Адамовіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Жанчына і пачатак дня
Новы год сустрэў зусім аднабока,
трэцяга студзеня езьдзіў у сваты
да самотнай родам з-пад Налібокаў,
а сёньня ўпарта сьніліся краты.
 
Устаў ня тое, каб вельмі позна,
хоць і стаміла начная зьмена.
Выходзіў з пахмельля мэдыкамэнтозна,
гатуючы каву, апёк калена.
 
На дварэ, што праўда, было не найлепей:
халодны вецер злаваў прахожых.
I тут празь фіранку імжы-халепы
я ўбачыў формы жанчыны прыгожай.
 
Уся яна была ў маім стылі:
фігура поўная, ножкі таксама.
Рукі жаночыя раму мылі,
твар хаваўся пад валасамі.
 
То ножку ставіла на падваконьне,
а то і дзьве, напінаючы грудзі.
Уперад імкнулася, як Пагоня,
з галавою, убранай у бі-гудзі.
 
Я мусіў бегчы па нейкіх справах,
але забыўся, куды й навошта:
ді то на мітынг да быццам правых,
ці то на левы пікет ля пошты.
 
Дзень паўставаў. Падсыпала сьнегу.
Хмары гарусьціліся на хмары.
Я сеў за стол, разгярнуў Артэгу,
і ўспомніў свае дзіцячыя мары.
 
24.I.1999.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.