РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Жылка
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Люблю, не знаючы пуціны,
Ісьці празь лес, балота, гаць,
Мінаць квяцістыя нізіны,
Пад грушай ў полі спачываць;
 
Спаткаць між жыта крыж пахілы
І старца з хлопчыкам малым,
Звычай шануючы мне мілы:
«Дабрыдзень!» – прывітацца зь ім;
 
Прайсьці ўздоўж вёскі беднай, шэрай
З панурым радам сумных хат,
І думаць: як ты тут ні мерай,
А ў беднаце гаруе брат;
 
І напаткаць руіны ў полі,
Дзе мох на рэшце сьцен узрос,
І занудзіцца мімаволі,
Згадаць замчышча сумны лёс;
 
Не зразумець, чаму руіны
Ў сабе таёмны тояць жах,
І ці не сьветлы для Краіны
Відаць наперадзе ўжо шлях?
 
1921
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.