РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Івашчанка
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Аскепак слова
Севу Сьцебураку
 
Аскепак слова
захраснуў у глытцы,
думкі разьбегліся,
бы прусакі,
сяджу на лаўцы,
п’яны й лысы,
пішу сабе
ад сябе радкі.
 
Мабіла ў кішэні
як дэтанатар,
на сэрцы казань,
у душах слата.
Страта розуму
сьмешная страта.
«I ты ў бруд», –
шапчу. Поруч п’е гапата.
 
Кажуць, што людзі –
чорныя дзіры.
Людзі кажуць,
а ўсё пад дых.
Па мосьце шыбуе
атрад майдадзіраў
праз восень і сьнег
у камбезах рудых.
 
У стане-на-выйсьці
ня пішуцца вершы,
у стане-на-здрадзе
ня смаляць бамбук.
Ты быў не апошнім,
на шчасьце й ня першым
скінутым зь вежы
сьмешных навук.
 
Навошта ж, браце,
пароць гарачку
ды жлукціць з адной
біклагі абсэнт?
Сэнтыментальны мент
корміць качак,
пакуль на хакеі
яго прэзідэнт.
 
Аскепак слова
захраснуў глыбока,
яго ня выбіць
і не запіць,
ён не ад злога
і не ад Бога...
Ён мяне жывіць,
а можа забіць.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.