Зыходзіцца ў кропку праз шкло персьпектыва дарогі, зьнікаюць у змроку агеньчыкі рэдкіх машын, мы рушым наперад – туды, дзе лясы і разлогі, і дрэмлем да часу пад ціхую музыку шын. У кішэнях заплечнікаў лісьце з мінулага году – паштоўкі ад Глублі і Глубелькі родных сясьцёр. Праз справы і тлум мы счакалі нарэшце нагоду ізноў дакрануцца да сэрца Блакітных азёр. А ветрык цішэе і ноч нам кладзецца на плечы, і сьцежка у цемры ўпарта вядзе да агню, і словы няшчырыя, штучныя тут недарэчы і цішыць адвечны спакой мітусьню. Ды зноўку шляхамі знаёмымі вусьцішна пройдзем у вэлюме белых і мяккіх, як сьнег, туманоў усё, што так даўна шукалі, напэўна, мы знойдзем, што стане сюжэтам для нашых трызьненьняў і сноў.
|
|