Ад рана да рана Пейце, старцы, дзеці: Добра меці пана, А лепей ня меці. Пан за тваю працу Нібыта й заплаце; Знай плату з палацу! – Зьбярэш зь ёй багацьце! За гадзін семнаццаць Працы ўдзень нязьменьне Выйдзе грошаў дваццаць, Або й таго меней. Ой, ды лёгкай служба Нідзе не бывае, Бо служба – ня дружба, – Няволя цяжкая. Трэба ведаць, знаці Службы гараваньне: Позна легчы спаці, А ўстаці зараньне. На слаце й марозе Рабіці зьзіханым, Дрыжаці ў парозе Перад грозным панам. Заціркай найболей Гавець, разгаўляцца, Як сьвіньні, на полі З блыхамі валяцца. Лае пан багаты, А ты цярпець мусіш, Хоць не вінаваты, Языка прыкусіш. Горш якой скаціны Спаганяць, зьняславяць, Кляцьбой без прычыны Спаткаюць, адправяць. Ой, позна і рана Пейце, старцы, дзеці: Добра меці пана, А лепей ня меці. Ў службе гора болей, Як якіх выгодаў; Хто ня любіць волі, – Ня нашага роду.
[1905–1907]
|
|