РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Цягнікі і рэкі
У рукох поўна кніжак. Пятнаццаць мне лет.
Цягнік мяне шпарка адносіць
праз ўзорныя нівы далей і далей
над воды бліскучыя Росі.
 
Ўжо коні чакаюць. Імкнемся празь лес.
Гэй, думы, дзявочыя думы!
Пачаў вецер ўзбураны дзіка шалець
і ноч неразгадную глуміць.
 
Мо' сёстры русалкі, таёмны лясун
мне песьняў старых адгалосы
і дзіўныя казкі калісь прынясуць
ў чужыну з радзімых палосаў?
 
Яшчэ толькі крыху, яшчэ толькі міг –
хваль любых пачуецца гоман,
і ў Горадзень быстра ускочыць цягнік,
над сінню расьцягнуты Нёмна.
 
Здароў, мілы браце! – Чаго пасумнеў?
Стогн з хвалямі ўдаль адганяеш?
Нічога, мой ясны – няволя міне,
як Божая кара мінае.
 
Дні новыя прыйдуць. Спаткаем мы іх
зь вялікай, адданаю ласкай,
адвечнаю песьняй з курганаў старых,
малітвай з царквы Калажанскай.
 
У сэрцы збалелым прытоены крык:
бывай, стары бор кучаравы!
Далей і далей ў ноч адносіць цягнік
над хвалі нязнанай Вэлтавы.
 
Чаму гэтак вецер гучыць ля акна?
Ці песьня з радзімых палосак,
ці водгульле бору, што ў ноч застагнаў,
сум Нёмнавых хваляў даносіць?
 
Бег плаўны Вэлтавы, лес вежаў стрункіх...
Таму край ваш сэрцу ўжо мілы,
што госцьмі былі тут ў старыя вякі
Сапегі, князі Радзівілы.
 
Каб розум, каб веду сваю паглыбіць,
з навукі гарачаю смагай
свой кідалі Нёман і хвалі Дзьвіны –
да чэшскай сьпяшаліся Прагі.
 
Дзе ў камень закута старая краса –
калісь тут на славу Айчыне
крывіцкія кнігі начамі пісаў
вялікі Францішак Скарына.
 
Ня гоман навокал няветлівых сэрц
к людзям, што ня маюць дзяржавы,
я чую, чаго не ўзяла нават сьмерць –
сьляды нашай даўняе славы.
 
Гляджу і гляджу, як па рэйках стрункіх
у бок майго роднага Краю,
як ластаўкі, ймкнуцца у даль цягнікі...
Чаргі сваёй сэрцам чакаю.
 
Над Нёмнам, дзе птушкамі думы мае
блукаюць у ночы бяссоннай,
туды, дзе Дзьвіна аб Рагнедзе пяе,
дзе тужыць Дняпро неўгамонны.
 
Туды, дзе Няміга старая плыла,
дзе бой прагрымеў ня раз слаўны,
дзе песьня крывіцкая горда гула
і плач далятаў Яраслаўны.
 
Хай сум ападзе мой на вашае дно,
радзімыя, слаўныя рэкі!
А дні з вашай хваляй сальюцца ў адно
навекі, навекі, навекі...
 
1942
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.