РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Хачу
На ўзгорках, як шэрыя нашыя сьвіткі,
дзе вясною шуміць лебяда,
я з кудзелі гадоў хачу вечную нітку
Беларусі далей дапрадаць.
 
Косы сонца, што нівы вясною цалуюць,
хачу шчодра раскінуць усім,
хачу красак бярэмя, што ў полі красуюць,
на пясчаных шляхох раструсіць.
 
На чужыне ў хвіліне цяжкой адзіноты,
калі сэрца мацьней забаліць,
хачу песьняй сьцягі нашых доўгіх палотнаў
разам з сонцам вясьняным бяліць.
 
На магілы, дзе слава вякоў спачывае,
і на тых, дзе ўжо сьпяць дзецюкі,
што юнацкай крыві не жалелі для Краю,
хачу віць для гэрояў вянкі.
 
І для тых, што ўначы ім пяяў толькі вецер,
я пад сэрца балючы уздох
хачу зь песьняў вянкі, – каб іх памяць аквеціць, –
раскідаць па старых курганох.
 
Ўсім душою астылым і сэрцам памершым,
якім крыўда зямлі не баліць,
я з грудзёў хачу кідаць кіпучыя вершы
і заснулых днём новым будзіць.
 
Хачу песьняй сваёй пад ружовае раньне
разам зь песьняй дым хмар разгарнуць –
няхай сонца асьвеціць сьцягі на курганах,
хай разьясьніць маю Беларусь!
 
1942
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.