РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пажары
Пажары полымем разьлітым
прагналіся празь нівы йзноў
і праглынулі прагавіта
яшчэ раз гнёзды крывічоў.
 
Застаўся вугаль дагарэўшы
і шэры попел сярод ніў,
ён тым, хто сэрцам найвярнейшы,
на'т голаў серабром пакрыў,
 
і думы сумныя так сталі,
як тыя восеньню палі,
як у журбоце тыя далі,
дзе сьлед жыцьця агні зьмялі.
 
Дым слаў, як ноч, сівыя столкі
на грудзі сіняе ракі,
на'т шэпт заціх, далоні толькі
шукалі братняе рукі,
 
асіліць каб хутчэй як гора
і ўстояць там, дзе дом упаў,
адбіць удар, што скрыты вораг
зрадліва ў плечы скіраваў.
 
На попеле крывіч адужаў –
сьвятая сіла братніх рук,
сугучнасьць чыну сэрцы пружыць
і дух узносіць угару.
 
Ў жыцьці ўсё дзеецца нядарам.
Хто знае вышшых сіл закон?
Мо' у апошнім тым пажары
згарэла змора страшных дзён...
 
1942
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.