РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Забалела падбітае сэрца,
затужыла, як ранены птах,
ці ж ня прыйдзе яно, не вярнецца
на радзімы, бярозавы шлях?
 
Ціхі волат прачнецца, устане,
арлянём над Краінай ўзьляціць.
Дачакаюцца брацьця сьвітаньня
у народным пакутным жыцьці.
 
Глянь на рэкі – то нашыя сьлёзы,
на зямельку – там нашая кроў,
гдзе ёсьць красак найбольш пры дарозе –
там ціхія равы змагароў.
 
Глянь, як крыж над палямі сагнуўся,
адбіваючы полымяў жар –
то гараць па лясох Беларусі
сэрцы й целы адданых ахвяр.
 
Як ягня літасьціваму Богу,
адкупленьне нянашых грахоў –
разам зь лесам гараць пры дарогах
рукі й сэрцы жывых Крывічоў.
 
1947
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.