РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Непасланаму
Дзе Ты быў у дні нашы бунтарныя –
я шукала Цябе кругом...
Сьцежкі слаліся толькі ахвярамі,
кроў бязьвінна лілася ручвом...
 
Дзе Ты быў, як вачыма туманнымі
заглядзеўшыся нема у даль,
між старымі шляхамі курганнымі
выйшла Маці Цябе выглядаць?
 
І да рук Яе белых заломаных
толькі вецер ласкава прыпаў,
толькі краскі сярэбраным гоманам
абазваліся недзе між траў...
 
Аб нас доля, Ты знаеш, ня рупіцца,
казкі шчасьця для нас няма...
Недзе ў ноч маладая заручніца
дзецюка вызваляла дарма...
 
Доўга, прагна шукаючы помачы,
пралятала, як птах, сяло.
Выйшлі людзі, зьбядована стогнучы,
выглядалі – Цябе не было...
 
Із руінаў, пажарам асмаленых,
пакідаючы бацькавы кут,
iшлі нашы суродзічы ў далі дзесь,
на спатканьне нязнаных пакут.
 
І пад іхнымі сьвітамі шэрымі
да багатых чужых людзей
сэрцы біліся горка-зьняверана,
а Цябе – не было нідзе...
 
Ўсе, пустымі дадзетыя крыкамі
ап’янелых крывёю дзён,
Твайго сэрца шукалі вялікага
i адвагі у мужных грудзёх.
 
І чакалі дарма яны раньня там,
тыя людзі з пахілых хат,
i дарма яны сэрцам параненым
так хацелі Цябе пакахаць...
 
Цяжка зь ніў было родных засеяных
у чужыну кудысь ісьці...
Ты быў казкаю, Ты быў надзеяю,
а Цябе не было ў жыцьці...
 
За туманамі сьледу ня бачачы,
на бяспуцьці крывіцкіх дарог
доўга-доўга стаяла я, плачучы,
што Цябе не паслаў да нас Бог...
 
1948
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.