РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чайка
Сэрцам вырваўшыся з кратаў,
чайка ў буралом
да грудзей прынікла братніх
раненым крылом.
 
Можа, сілаў не хапіла
ў хмары узьляцець.
Можа, ў вочы сном магільным
паглядзела сьмерць.
 
А мо' там, на скрыжаваньні
ледзяных дарог,
нехта сэрца яе раніў
ў змучаных грудзёх...
 
Бо лягчэй цяжкой хвілінай
ля сваіх цярпець,
каб у сьцюжы не загінуць,
трэба сэрца грэць.
 
І таму сардэчна, чула
ў чадзе сініх мар
чайка крыльлем прыгарнула
добры братні твар.
 
Запяяла аб свабодзе,
вербах ля ракі,
дзе начамі коні водзяць
пасьвіць дзецюкі.
 
І аб тым, як на палосах
каласы шумяць,
як для тых каханых вёсак
не шкада ўміраць.
 
І прывыкла так пургою
у цяні штыка
палымянаю душою
брацьцяў сустракаць.
 
Але чайка – не жанчына,
духам зь іншых сфер.
І таму душы птушынай,
як другіх, ня мер.
 
За праменьні слоў пяшчотных
чайку не карай
і крылатага палёту
ў неба не спыняй.
 
А калі пад аблакамі
ўспалымнее бой,
не трымай яе рукамі,
не тужы па ёй.
 
Яна зь неба не упадзе
з вышыні на дно,
яна побач не прысядзе
з чорным груганом.
 
А калі свой лёт прыпыніць –
дык каля братоў,
а калі зусім загіне –
дык за Крывічоў.
 
Сэрцам вырваўшыся з кратаў,
ў страшны буралом
прыгарнула чайка брата
раненым крылом.
 
1950–1956
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.