РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На магілу З. К.
Ты выбачай, што мы цябе так плытка пахавалі.
Ня стала сіл дзяўбці прамерзлую скалу.
Ламы і кіркі ўжо тупымі сталі,
а ў доле па калена я ўсяго стаю.
 
Мароз за сорак. Узмакрэлыя ад поту,
аблізваючы губы смаглым языком,
халодны сьнег сухім хапаем ротам
ды кіркам і ламам спакою не даём.
 
Крыху глыбей яшчэ, каб гаспадар таёжны
вясной тваю магілу не разрыў,
у дол цябе мы без труны паложым,
ты на труну, бядак, не зарабіў.
 
Не падышоў табе «бушлат дубовы»,
а гарнітур хэбэ капцёршчык закасіў.
Ў кашулі, сподніках у дол гатовы
цябе на адпачынак палажыў.
 
Ня будзе тут табе фанфараў і салютаў,
сьлёз разьвітальных па табе не праліюць.
Пурга завые толькі над прамерзлым трупам,
а ўлетку мо' алені часам забрыдуць.
 
Прывяжам бірку мы табе з фанеры
на твой вялікі палец на назе,
каб там Пятро, у рай адкрыўшы дзьверы,
адразу бачыў, хто гэта брыдзе.
 
Бывай, зямляк, у траурным маўчаньні
мы над магілай ціха пастаім.
У галавох табе яшчэ паложым камень,
няхай стаіць ён помнікам нямым.
 
1950–1956
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.