РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Я сустрэлася зь сябрамі не на балі,
не да танцу заіграў аркестр,
не на танга хлопцы запрашалі,
лёгкім жэстам ўскокваючы зь месц.
Не ў сукенцы, быццам павуценьне,
расьсяваючы парфумаў лёгкі чад,
я прыйшла да вас, браты, ў цярпеньні,
на плячо накінуўшы бушлат.
Працягнула руку безь пярсьценяў,
не такую, як ў другіх жанчын,
бо на ёй мест дарагіх каменьняў
быў мазоль, чырвоны, як рубін.
І таму вось ў бесканечным горы,
праз тугі прабіўшыся агонь,
маё сэрца з вамі так гавора,
быццам вы зрадзіліся зь яго.
У зацішшы любых нам сялібаў
разам мы сядзелі за сталом,
жытні хлеб, парэзаны на скібы,
запівалі цёплым малаком.
Разам мы надзею гадавалі,
для пакутнай Маці сьветлы дзень,
разам путы Беларусі рвалі,
разам сталі пад нажы цярпень.
І таму, о Рыцары Пагоні,
я аб вас, зьняволеных, пяю,
сваё сэрца ў мужныя далоні
вам адным навекі аддаю.
Колькі б гора ні было прад намі,
колькі б цяжкіх ні было дарог,
пройдзем імі, калі будзе з намі
еднасьць, згода і Вялікі Бог.
Гэта мы на славу пакаленьням
у праменнай сонечнай красе,
ў ланцугох цераз усе цярпеньні
нашу волю горда пранясем.
Я сустрэлася зь сябрамі не на балі,
разам йшлі да найсьвяцейшых мэт,
адным болем волю здабывалі
рыцары і верны іх паэт.
 
Iнта. 2.VII.1954.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.