РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Неўміручасьць даўніх пакаленьняў,
водгульле мінулага быцьця,
мы – як сьведкі вашага істненьня,
ваш далейшы паясок жыцьця!
 
І хоць ходзім сёньня не у тканым,
вучаць новым праўдам наравіць,
ўсё ж мы ворагу не аддамо затанна
спадчыны, што несьлі мы ў крыві!
 
Не забудзем людскасьці і мовы,
з працавітых – здолеем стрываць
над народам зьдзек стары і новы –
нам душы крывіцкай не прадаць!
 
Шмат адыдзе хілых, бесхрыбетных,
не заплачам, не прывыклі ныць.
Сто арлоў нам прыляціць за гэта,
каб народу праўдаю служыць!
 
І ня сьціхне песьня ў Прынямоньні,
і ня згіне мова на Дняпры,
прыйдзе час – і водгульле Пагоні
да сялібаў данясуць вятры!
 
Страпянецца сэрца з паднявольля,
ўстане мужны гаспадар зямлі.
Ў нашым Краі, ў прадзедавым полі
будзем жыць, як мы вякі жылі!
 
Залунае сонечна Пагоня –
мужны рыцар, крыж і белы конь,
і народ наш болей не застогне,
што прайшоў пакуты і агонь!
 
Чырванее, ападае лісьце,
каб вясной на зорах зазіяць.
Груганы крыві ўжо напіліся –
час, пара ў Сібір ім адлятаць.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.