Сьпершыся на руку арлекіна, лёгенькая, ўзьвейная, як сон, весела праходзіць Каламбіна па драбінцы тэатральных дзён. А калі зыходзіць з авансцэны, ды прыціхне воплескавы гром, йдзе за ёю неадступным ценем, соладка ўздыхаючы, П’еро. Ў апранальні адкладаюць маскі, адмываюць непатрэбны грым. Каламбіна, сон з забытай казкі, прад П’еро, ўлюбёна-маладым. «Я з табой ляцеў бы пад аблокі, ад падмосткаў – да нябачных хмар, прагна піў бы ў вечар сінявокі вуснаў нерасплёсканы нэктар....» Пачуцьця туманая сьлязьлівасьць, слоў бліскоткі, ўзятых напракат! О П’еро, жанчыны любяць шчырасьць, праўду слоў, душы трывалай гарт. І, паклаўшы ў сільныя далоні арлекіна пальчыкі і лёс, йшла на авансцэну Каламбіна, а П’еро другім свой жаль панёс...
|
|