РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Гнаны холадам, гнаны ветрам,
шляхам тундры, у ноч пустым,
прабіраецца пяцьдзесят чацьверты
за наёжаныя драты.
 
У каго надзея жывая,
хто застыў, але не на сьмерць,
няхай верыць, няхай чакае,
няхай выйдзе яго сустрэць.
 
Толькі чаркі нашы пустыя,
мы забыліся смак віна.
Ну, а сьлёзы? – Нават і тыя
ужо выпітыя да дна.
 
Крочыць прывід, увесь зь цярпеньня,
пад канвоем гады прайшлі.
А другія такія цені
ў гэту ноч устаюць зь зямлі.
 
Сорак першы, другі, сорак трэці,
пяты, шосты, пяцьдзесят другі –
дань для тундры, шахтаў, для сьмерці
жывых душ. За чые даўгі?
 
О, калі ж ты прыйдзеш, жаданы,
залаты і шляхотны век,
каб галінкай сьвятое пальмы
чалавека вітаў чалавек?!
 
Дык сьмялей, браце, супраць ветру
яшчэ доўга трэба стаяць,
прыйдзе к нам пяцьдзесят чацьверты,
выйдзем, выйдзем яго спаткаць.
 
Хай убачыць, няхай пачуе
голас ценяў, учора нямых.
А не – схопімся зь ім уручную
за жыцьцё для усіх жывых!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.