РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мне ўсё адно
Мне ўсё адно – ці сьмерць, ці перамога,
ці цесны гроб, ці песьня у саду.
Мне ўсё адно – я са свае дарогі,
з дарогі праўды сэрцам не сыду!
 
Ня дом, а лягер, не пасьцель, а нары.
Вакол натоўп, а чалавек – адзін.
I сон – ня сон, а толькі солад мараў,
далёкі і засмучаны ўспамін...
 
Ужо шэсьць год, як пад замком іржавым
іржавыя цякуць за днямі дні.
А боль наш служыць злыдням для забавы,
а сьвятасьць праўды топіцца ў хлусьні.
 
Забыты сьмех. Тут сум у кожнай песьні.
У дзікай тундры вечны плач бязь сьлёз.
На крылах дум – пакутаў сьлед, як плесьня.
Усё ў вачох, што з болем перанёс.
 
I цемень прорвы, жах ад праўд расьпятых,
і ўзьлёт надзеяў ясных праз драты.
I сумна, што замест пяра – лапата,
і так шкада, што мучацца браты.
 
Той самы штык учора, сёньня, заўтра
ў руках людзей, чыя натура – зьдзек.
Той самы бой з той сілаю упартай,
зь якой змагацца мусіць чалавек.
 
Ня раз душа зьляцела б з сумных вуснаў,
лягла б замерзлай птушкай на мароз,
калі б ня ведаць, што для Беларусі
ісьці дарогай той прызначыў лёс.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.