Мне ўсё адно – ці сьмерць, ці перамога, ці цесны гроб, ці песьня у саду. Мне ўсё адно – я са свае дарогі, з дарогі праўды сэрцам не сыду! Ня дом, а лягер, не пасьцель, а нары. Вакол натоўп, а чалавек – адзін. I сон – ня сон, а толькі солад мараў, далёкі і засмучаны ўспамін... Ужо шэсьць год, як пад замком іржавым іржавыя цякуць за днямі дні. А боль наш служыць злыдням для забавы, а сьвятасьць праўды топіцца ў хлусьні. Забыты сьмех. Тут сум у кожнай песьні. У дзікай тундры вечны плач бязь сьлёз. На крылах дум – пакутаў сьлед, як плесьня. Усё ў вачох, што з болем перанёс. I цемень прорвы, жах ад праўд расьпятых, і ўзьлёт надзеяў ясных праз драты. I сумна, што замест пяра – лапата, і так шкада, што мучацца браты. Той самы штык учора, сёньня, заўтра ў руках людзей, чыя натура – зьдзек. Той самы бой з той сілаю упартай, зь якой змагацца мусіць чалавек. Ня раз душа зьляцела б з сумных вуснаў, лягла б замерзлай птушкай на мароз, калі б ня ведаць, што для Беларусі ісьці дарогай той прызначыў лёс.
|
|