РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Жыровічы
Прыехаць у Жырова лёс мне выпаў,
дождж хрысьціць голаў грэшную маю.
I я пад гольлем шматвяковай ліпы
пільгрымам сьціплым сьцішана стаю.
 
Сьвятыні побач белыя, як дзіва,
ў абдымках хмараў і высокіх дрэў.
Ідзе сьвятар, як галубочак сівы,
стаміўшыся, на лаўку хтось прысеў.
 
Сюды травой, аброшанай і мяккай,
на цудатворны пераможны кліч
прыходзяць людзі з горам і падзякай.
Людскія душы ачышчае зьніч.
 
Перада мной зямля мая сьвятая,
тут у паклоне дрэвы над вадой,
дзе галубы бясшумна пралятаюць,
ступала Маці Божая па ёй.
 
Ня знатныя, а пастушкі віталі.
Да нас прыйшла ў вясьняны дзень знарок
і Краю міламу, каб лепшымі мы сталі,
пакінула на дрэве абразок.
 
Над намі храм, туманныя нябёсы.
Крынічанька пад храмам б’е зь зямлі.
Як пастушок у сьвітцы белай, босы,
стаю, і сьлёзы твар мой залілі.
 
Адданасьцю стукочуць нашы сэрцы
з крыніц благаславенных праўду піць.
Мінуласьці сьвятой зь зямлі ня сьцерці
і веры ў Бога ў сэрцы не спыніць.
 
Жыровічы, славутая мясьціна,
здаўна праложаны для нас дзядамі шлях.
Малітвы боль ў нялёгкаю хвіліну
мы на тваіх складаем алтарах.
 
Хай будзе мір, і згода будзе ўсюды.
Ды калі грозьбай азарыцца сінь, –
нашай зямлі, дастойнай Тваіх цудаў,
ў сваёй апецы, Божа, не пакінь!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.