РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Зашчымела мне сэрца ў грудзёх,
сум сьлязой засланіў мае вочы.
Я ступіла ізноў на парог,
які мне адабралі аднойчы.
 
Беларускае марыва слоў
і кахаючых сэрцаў бясьпечнасьць.
Тут жыве дабрыня і любоў,
і ў суровыя дні – чалавечнасьць.
 
Быццам сыпнула шчасьцем зь нябёс –
нашым, вечным, нязгасным, нятлённым.
Прыпаду да зямлі ў зьзяньні рос,
у якой маіх продкаў мільёны.
 
Над сьцяжынамі шум баравы.
Вокал вёскі – жыцьця асяродкі.
Бітваў водгалас чую ў крыві,
дзе чужынцаў правучвалі продкі.
 
Упіраюцца вочы ў муры
шматвяковых трывалых сьвятыняў.
Гэта ты, мой прапрадзед стары,
на зямлі сьлед унукам пакінуў.
 
Непахісныя сьцены стаяць,
час іх зубам сваім не кранае,
бо ты ўмеў і любіў будаваць,
ведаў – мур твой набегі стрымае.
 
Быццам голас ваш чую з глыбінь:
паўстаюць змагары і гэроі
будаваць, сеяць хлеб і любіць
і трымаць у гатоўнасьці зброю.
 
З працы, з поту вы цяжка жылі,
шмат чужынцы ад вас адабралі.
Нейкім цудам на гэтай зямлі
родны край вы для нас захавалі.
 
I палон быў, і цяжкі прыгон,
і змаганьне, і сьмерць, і адвага.
Нізкі сёньня тым продкам паклон
за жыцьця пераможную прагу.
 
Чыста ў долах, салоўка пяе,
у прысадзьдзі дамы задрамалі.
I кладзецца на плечы мае
ўся зямля, што яны захавалі...
 
1981, студзень.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.