РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пара коней
Пара коней із грывай, як косы,
чэша вецер гнядое прадно.
З-пад капытаў, з-пад кутых калосаў
толькі сыплюцца іскры агнём.
 
Як на крылах, у ноч пралятаем,
ў сэрцы зораў асыпаўся жар;
вецер польны мацьней абдымае
і цалуе, і песьціць у твар.
 
Месяц вострыць аб неба сталь-рогі,
зіхаціць над пасьцельлю палёў.
Нанач вецер ля ціхай дарогі
косы белым бярозам расплёў.
 
Пара коней і сэрца бяз страху
на радзімых дарогах ўначы...
У нястрымным разгульным размаху
нам ад ветру адно не ўцячы.
 
1942
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.