РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пяць сыноў
За сьлязой сьляза па шчацэ цячэ,
на старых краснох маці кужаль тчэ.
 
За вакном гудуць ветры шумныя,
тканьне цяжкае, думы думныя...
 
Сакалоў-сыноў гадавала пяць,
і было каму старой маці ткаць.
 
А цяпер як тчэ, агартае жаль –
Чатырох ужо у зямлі ляжаць.
 
Той старэйшы быў надта вучаны,
бараніць хацеў Край замучаны,
 
але сьмеламу быў падцяты лёт,
без пары сынок пад сасонку лёг...
 
Тым шляхом яго, крывёй вышытым,
долю здабываць пайшлі іншыя,
 
Варагоў ліхіх здужаць не змаглі,
на грудзях зямлі, як дубы, ляглі.
 
Не заручаныя, не жанатыя,
сьмертухнай ліхой рана сьцятыя.
 
А чацьвёртага павялі на ўсход
жаль-тугу крышыць аб сібірскі лёд.
 
Можа, матчына пража зрэбная
ўжо няшчаснаму непатрэбная...
 
Сакалоў-сыноў гадавала пяць,
і было каму старой маці ткаць.
 
З сакалоў-сыноў жыў цяпер адзін –
сьвежы, як раса, наймалодшы сын.
 
Ды пачуў і ён дзіўны покліч-зоў –
адляцеў шляхом сакалоў-братоў
 
бараніць свой Край, ворагаў спыняць,
за народ за свой галаву аддаць...
 
Маці, ты ня плач, трэба хутка ткаць,
няма сыну чым раны завязаць.
 
Голаў пахіліў на руках сяброў,
расьсяваючы на палоскі кроў.
 
Енку не чутно, боль адно ў грудзях.
А над полем тым відзён родны сьцяг,
 
уздымаецца высака ўгару,
і ўстае пад ім Маці-Беларусь.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.