РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Пяро маё, цяжкое ад адчаю,
са мной, як вязень, закавана ў лёд.
Пяро маё, табе я даручаю
пісаць, кахаць і славіць мой народ.
 
Пяро маё, якога не зламалі,
маленькае, будзь прыкладам другім,
зь цярпень, змагань, з гартованае сталі
далей пішы зямлі дастойны гімн.
 
Пяро маё, шыбуй вышэй аблокаў,
сьпяшы да абяздоленых людзей.
Сьпявай хвалу зямельцы яснавокай,
Айчыну песьняй вольнай абнадзей.
 
Пяро маё, будзь па-гэройску дужым,
пішы бяз фальшу, боль умей стрываць.
Надзейнае, о, будзь маім аружжам,
умей, як я, над прорвай устаяць.
 
Пяро маё, прад сільнымі ня гніся.
Душа у бедных гордая, свая.
Зямлі, народу, продкам пакланіся,
іх мужнасьці, як кланяюся я.
 
Пяро маё – мой шчыт і крыж магільны,
жыцьцё маё, хоць косьці будуць тлець,
пакінь мой сьлед, ахвярны і нязмыльны, –
як для Айчыны жыць і як цярпець!
 
Пяро маё – мой паж адзіны верны,
з усіх сяброў адзін надзейны друг.
Ішло са мной ты праз крыжы і церні –
удзельнік бою, сьведка маіх мук.
 
Пяро маё, пілуючае краты,
трывалае ў марозе і агні,
мой меч двусечны, скарб мой небагаты,
жыві, мой боль, пасьля мяне жыві.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.