РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У Вільні
Ля застыглых сьцен Гедыміна
дух мне трывожыць, спыняе
мінуласьць старая ліцьвінная
продкаў маіх і Краю.
 
Замка ўладар, устань жа,
часу парві аковы.
Веру – ты нас прывітаеш
россыпам роднае мовы.
 
З гэтых зямель ты сільны,
з гэтых людзей – магутны.
Славу нашу скасілі
і памяць – хлусьнёй атрутнай.
 
Мову нашу стапталі,
мову, якую дбайна
у каралеўскія залі
ўнёс з нашых пушчаў Ягайла.
 
Ноч цягнулася доўга.
Недруг ведаў замовы.
Нас абакралі з роду,
цяпер абкрадаюць з мовы.
 
Замка твайго руіны.
Сьлед наш стары тут рэхам.
Імя народа гіне
ворагам на пацеху.
 
Мы – да цябе на параду,
продак, пачуй з магілы,
дай нам меч свой – за праўду,
у боі адчайным – дай сілы!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.