РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Каб бярозу гэтак сьціналі,
палівалі яе атрутай,
каб галіны на ёй ламалі
ці спынялі яе путамі,
 
дык памерла б тая бяроза,
засохла б на роднай ніве,
звалілася б на барозны
са стогнам ціхім, шчымлівым.
 
А паэт стаіць, не хістаецца,
раны ў сэрцы, раны на целе.
На калені другія валяцца,
а паэт снуе летуценьні.
 
Бачыць сэрцам людзям нябачнае,
чуе тое, што людзі ня чуюць.
Далі сілу яму у спадчыну
продкі мужныя з сэрцам чулым.
 
Не, бярозанька, не паваліцца
чалавек, гэта твор трывалы.
А паэты сапраўдныя славяцца
сілай дужаю, небывалай.
 
Стрэлы ў сэрца – лівень атручаны
слоў варожых, злыдні лютуюць.
Схамянецца паэт замучаны,
сілу слова свайго адчуе.
 
I не ўпадзе да ног, ня зваліцца,
закрывае сабой мільёны,
што за плечы яго хаваюцца,
за цярнёвай яго каронай.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.