РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Край мой любы, птушка падбітая,
больш магілаў тут, чым калыскаў.
Край мой з ранамі незажытымі,
не загояць іх абеліскі.
 
Змыла неба дажджамі-зьлівамі
сьлед ахвярнай крыві гарачай,
толькі дрэвы па-над магіламі
яшчэ й сёньня маўчаць і плачуць.
 
Зарастае, кулямі зворана,
ніва з помнікам на узьмежку.
Па ёй маткі, як галкі чорныя,
да сыноў пратапталі сьцежку.
 
Неба хіліцца долу, хмарнае,
кропіць дожджык густыя травы.
Па-чужацку пяюць над ахвярамі
пра гэройства, пасьмертную славу.
 
Граюць гімны чужым начальнікам,
звоняць грудзі іх мэдалямі.
Толькі маткі плачуць адчайна
над магіламі, над крыжамі...
 
Лёгка славу зваць несьмяротнаю,
патаптаўшы боль чалавечы.
Толькі словы болю гаротнага,
жалю ў сэрцах нам не залечаць.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.