РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Дзіця маё, як Край наш, дарагое,
харошае, як песьні нашых ніў.
Як сумна мне, што й гэтаю вясною
садок твой дома безь цябе адцьвіў.
 
Суровы вецер хіліць стан дзявочы,
паволі цягнуцца ліхія дні.
Перажыве душа расстаньня ночы,
бо гартавалася ў цярпеньні і агні.
 
Магчыма, затужыў далёкі мілы,
і часта сэрца юнае баліць,
што не яго, а Край свой палюбіла
дзяўчына зь беларускае зямлі.
 
Мая каханая, маленькімі рукамі
і ты ўзялася сьмелым памагаць –
хацела цяжкі, непасільны камень
з грудзей Айчыны наймілейшай зьняць.
 
Бог бласлаўляе працу і навуку,
і ціхі дом, і нівы, і лугі.
Найбольш усё ж Ён бласлаўляе рукі,
што путы рвуць і нішчаць ланцугі.
 
1955
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.